2014-02-25-kalvaria23 лютага ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску адбыліся канферэнцыі, прысвечаныя абароне жыцця і сям'і. Дакладчыкам выступіў Уладзіслаў Валаховіч - дырэктар Дабрачыннага фонду "Адкрытыя сэрцы", выкладчык Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску, шматдзетны бацька.

Выступоўца распавёў, што ва ўсім свеце сёння назіраецца крызіс сям'і, і Беларусь не з'яўляецца выключэннем. Наступствы гэтага бачны сёння, іх, па словах дакладчыка, убачаць дзеці сённяшняга пакалення і, магчыма, унукі, калі яны народзяцца.

Як адзначыў Уладзіслаў Валаховіч, сёння мужоў і жонак, згодных нарадзіць столькі дзяцей, колькі Бог дасць, засталіся адзінкі: як правіла, гэта людзі глыбока рэлігійныя, якіх вельмі часта не разумее нават бліжэйшае асяроддзе. І наадварот, існуюць сацыяльна небяспечныя сем'і, дзе бацькі не займаюцца дзецьмі, нараджаючы іх адно за адным, часта пры гэтым злоўжываючы алкаголем. Дакладчык дадаў, што большасць сучасных людзей, якія ўважліва ставяцца да планавання сваёй сям'і, хочуць нарадзіць хоць бы аднаго, максімум дваіх, і ў Беларусі, Расіі, як і ва ўсёй Еўропе, дзве трэці сем'яў аднадзетныя.

Прамоўца канстатаваў той факт, што сённяшні свет старээ і вымірае, і толькі той чалавек, які бачыць сэнс свайго жыцця, радуецца таму, што жыве, і хоча, каб гэтае жыццё не спынілася на ім, хоча падзяліцца гэтым дарам з іншымі. Сумным фіналам становіцца глабальная адзінота, непатрэбнасць людзей адзін аднаму.

Дакладчык узняў таксама тэму кантрацэпцыі, праблему легальнасці абортаў. Сёння, як было заўважана, аптэкі прапануюць шырокі выбар кантрацэптыўных сродкаў. Слухачы пачулі, што такое сучасная кантрацэпцыя, як яна ўплывае на здароўе мужа і жонкі, іх узаемаадносіны.

Падчас канферэнцыі, якая адбылася пасля вячэрняй Імшы, Уладзіслаў Валаховіч распавёў аб традыцыйных сямейных каштоўнасцях. Выступоўца паставіў пытанні: гэтыя каштоўнасці сёння ўжо перажытак мінулага ці неабходныя людзям, як паветра? Якая асноўная функцыя мужа, бацькі і, наогул, мужчыны? Што спрыяе фарміраванню адказнага бацькоўства? Як адзначалася, зачацце новага жыцця і нараджэнне дзіцяці - гэта Божы дар. Вельмі часта парам, якія жадаюць, але не маюць дзяцей, раяць спачатку ўсынавіць дзіця, а потым і ў іх саміх атрымліваецца нарадзіць. Канферэнцыя даносіла да слухачоў думку, што дзеці - гэта тая вобласць, якая правярае чалавека на давер Богу.

Варта адзначыць, што дзякуючы малітве і кансультаванням супрацоўнікаў Дабрачыннага фонду "Адкрытыя сэрцы" было выратавана ад аборту 104 дзіцяці.

 

Паводле catholic.by.

  • Комментарии не найдены
Добавить комментарий