Лида Фара

Каля 70-ці каталіцкіх медыкаў Гродзенскай дыяцэзіі 22 сакавіка сустрэліся на малітоўна-адукацыйную сустрэчу ў Лідскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Падчас сустрэчы ўдзельнікі засяродзіліся над хрысціянскім маральна-этычным вучэннем адкрытасці на чалавечае жыццё і яго ахову ад самога зачацця.

Сустрэчу распачаў кіраўнік душпастырства службы аховы здароўя, кс. д-р Мікалай Ціхановіч, які ў прывітальным слове прыгадаў фрагмент энцыклікі "Евангелле жыцця" бл. Яна Паўла ІІ, дзе падкрэсліваецца, што жыццё не можа разглядацца інструментальна і ніхто не мае права дыспанаваць ім згодна з уласнымі эгаістычнымі памкненнямі. Жыццё з'яўляецца бясцэнным дарам, які патрабуе ад чалавека безумоўнай адкрытасці.

Першым, са сваім дакладам пад назвай "12 прычын, каб нарадзіць яшчэ аднаго" выступіў спадар Уладыслаў Валаховіч, актыўны дзеяч пролайф у Беларусі і дырэктар дабрачыннага фонда "Адчыненыя сэрцы". Дакладчык, абапіраючыся на сацыялагічных дадзеных і сваім досведзе сямейнага жыцця распавёў найбольш пераканаўчыя аргументы, дзеля стварэння шматдзетных сямей.

 

З малавядомай, для нашага медыцынскага асяроддзя тэматыкай, прамовіў спадар Тадэвуш Васілеўскі, урач-гінеколаг, дырэктар клінікі напратэхналогіі ў Беластоку. У сваім дакладзе "Лячэнне сужанскай бясплоднасці ў кантэксце пашаны жыцця і годнасці чалавека". Зыходзячы з уласнай лекарскай практыкі, урач-гінеколаг патлумычыў істоту і супярэчлівасць метаду запладнення in vitro.

Біскупскі вікарый і пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. д-р Уладзімір Гуляй у сваім казанні ўдаводніў, што быць адчыненым на жыццё азначае быць адчыненым на Бога. Аднак перш, чым адчыніцца на жыццё неабходна адчыніць сэрца для сябе, ажывіць яго. Менавіта ажыўляючы ўнутранае жыццё чалавек адкрывае Бога, таму што Валадарства Божае мае свой пачатак менавіта ў сэрцы і там знаходзіцца поле змагання паміж злом і Божай міласцю. Сваю пропаведзь душпастыр завершыў вывадам, што той, хто ачысціў сваё сэрца з граху і зрабіў Яго Божай святыняй - можа "... дасягнуць сапраўднай любові і быць гатовым уласнае жыццё перамяніць на ахвяру, так як гэта зрабіў сам Хрыстос, а тым самым быць адкрытым на жыццё".

На завяршэнне літургіі Найсвяцейшай Ахвяры, біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі, падзякаваў гаспадару парафіі, арганізатарам і ўдзельнікам сустрэчы за іх прысутнасць, супольную малітву, а таксама заклікаў іх быць адкрытымі на жыццё і пажадаў ім моцнай веры.

Пасля малітоўнай часткі медыкаў чакала другая частка дакладу спадара Тадэвуша Васілеўскага, а таксама выступ спадарыні Анны Санько, урача акушэр-гінеколага, на тэму медыцынскіх і сацыяльных наступстваў кантрацэпцыі. Cустрэча завершылася супольнай малітвай.

Паводле: grodnensis.by

 

 

  • Комментарии не найдены
Добавить комментарий