З 9 па 11 чэрвеня ў Чырвоным касцёле ў Мінску праходзіў семінар для абаронцаў жыцця і традыцыйных сямейных каштоўнасцей, арганізаваны дабрачынным пра-лайф фондам «Адкрытыя сэрцы». Мерапрыемства праходзіла разам з экспазіцыяй перасовачнай пра-лайф выстаўкі «Два шляхі».



Лекцыі ў форме майстар-класаў праводзілі дырэктар фонда «Адкрытыя сэрцы», доктар тэалогіі і інструктар метаду распазнавання плоднасці Уладзіслаў Валаховіч, псіхолаг і педагог, тэолаг Іван Пузанаў, настаўнік метаду распазнавання плоднасці, інструктар школы натуральнага нараджэння, педагог Наталля Пузанава, акушэрка і псіхолаг Вольга Чаркасава.

Фонд «Адкрытыя сэрцы», паводле слоў Уладзіслава Валаховіча, наладжвае 4 тыпы семінараў. Гэта семінары па перадабортнаму кансультаванню, якія праводзяцца з 2010 года, семінары па экалогіі сужэнства з вывучэннем метаду распазнавання плоднасці, семінары па падрыхтоўцы да родаў, або «Школа родаў», а таксама ўводны, або «базавы семінар для абаронцаў жыцця». Менавіта апошні тып і быў праведзены ў Мінску. Яго пралайферы вырашылі арганізаваць пасля таго, як выступілі ў трох мінскіх парафіях – касцёле свв. Сымона і Алены, Мінскай архікатэдры і касцёле Маці Божай Будслаўскай на Каменнай Горцы.

«Шмат людзей тады падыходзіла. Яны казалі, што вельмі зацікаўленыя ў такім семінары», – узгадаў Уладзіслаў.

Мэта такога семінару – своеасаблівы «лікбез» па абароне жыцця для тых людзей, якія, па-сутнасці, яшчэ мала ведаюць пра рух пра-лайф, «каб, магчыма, у іх абудзілася жаданне стаць у абарону жыцця па сапраўднаму.»

«Мы працуем ва Усходняй частцы Беларусі. Там такія семінары праводзім, у асноўным, у Магілёве, Віцебску і Оршы, але так атрымалася, што за 8 гадоў існавання фонда, мы таксама правялі падобныя семінары ва ўсіх абласных цэнтрах, і ў некаторых меншых гарадах. Менавіта на такіх семінарах запальваюцца людзі. Мы заўсёды спадзяемся, што такіх людзей будзе многа, але бачым, што іх становіцца ўсё менш і менш. Я думаю, што гэта такая агульная тэндэнцыя – вяласць і пасіўнасць нарастаюць, але, тым не менш, па-ранейшаму людзі ёсць», – падкрэслівае дырэктар «Адкрытых сэрцаў» Уладзіслаў Валаховіч.

На пачатку мерапрыемства адбылася прэзентацыя пралайф-выстаўкі «Два шляхі: што абярэш ты?» Затым лектары ў сваіх выступленнях узнялі такія важныя і актуальныя тэмы сучаснасці як: дэмаграфія, глабалізм, знішчэнне сям’і, штучнае апладненне, гендарная ідэалогія, аборты, кантрацэпцыя, айцоўства і шматлікія іншыя.

«Гэты семінар, на мой погляд, патрэбен кожнаму хрысціяніну. Асабліва католікам. Сёння і ўчора падчас лекцый я задавала пытанне, чаму гэты курс не ўводзіцца ў нашых катэхетычных каледжах, бо ў мяне асабіста зараз адкрыліся вочы: нават некаторыя католікі ўспрымаюць педафілію і гомасексуалізм як норму! Таму ўдзел у такім семінары для мяне – гэта магчымасць атрымаць інфармацыю і больш граматна данесці яе сваім дзецям, унукам, а таксама іншым людзям, якіх я сустракаю штодзённа. Я вельмі ўдзячная лектарам – Уладзіславу і ўсім астатнім, якія прыехалі разам з ім. Гэта адна вялікая каманда. Яны для мяне сапраўдныя героі веры», – падзялілася ўдзельніца майстар-класаў Алена Палякова.

На семінары ўдзельнікі змаглі пачуць шмат цікавых фактаў з розных сфер абароны жыцця і традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Факты і лічбы, якія агучвалі лектары, часам выклікалі ў слухачоў сапраўднае здзіўленне і лёгкі шок.

Напрыклад, «за перыяд з 1960 па 2008 гады ва ўсім свеце толькі па афіцыйных даных было зроблена 2, 5 млрд. абортаў, а кожны год робіцца прыкладна 40-45 мільёнаў», – паведамлялася падчас пралайф майстар-класаў.

Семінар паступова пачаў набываць фармат інтэрактыўнай размовы. Нярэдка слухачы задавалі пытанні і нават дыскутавалі з выступоўцамі.

Як уплываюць сусветна вядомыя міжнародныя фонды на распаўсюджванне кантрацэпцыі, абортаў і амаральнасці ў свеце? Чаму так хутка ў розных краінах Еўропы і свету ў цэлым уводзіцца паняцце гендар? Хто стаяў ля вытокаў гендарнай палітыкі і кім яна спансіруецца? На гэтыя і шматлікія іншыя пытанні даваліся адказы падчас лекцый.

Напрыклад, метад ЭКА пры зачацці не толькі непрымальны з каталіцкага пункту гледжання, як адзначылі лектары, але таксама ўплывае на псіхічнае здароўе жанчын, якія ім карыстаюцца.

«Такія жанчыны не задумваюцца, ці ёсць жыццё пасля родаў. Для іх важна проста зацяжарыць. Таму перыяд пасля родаў, паводле праведзеных псіхалагічных даследаванняў, успрымаецца імі як катастрофа. Яны думалі, “што ўсё будзе адбывацца па-іншаму”, і тут часта надыходзіць перыяд пасляродавай дыпрэсіі», – распавяла настаўнік метаду распазнавання плоднасці Наталля Пузанава.

«Сённяшняя праграма секс-асветы і прафілактыкі СНІДу фактычна прапагандуе прэзерватывы. Атрымліваецца, маладому пакаленню ўбіваецца ў галаву, што гэта нармальна, калі ў тваёй кішэні ляжыць прэзерватыў. Да чаго мы падштурхоўваем сваіх дзяцей? Да таго, што “гэта” можа адбыцца дзе заўгодна і калі заўгодна. На дыскатэцы, або яшчэ дзе-небудзь… І дзеці гэта пачынаюць успрымаць як норму», – заўважыла падчас сваёй лекцыі псіхолаг Вольга Чаркасава.

Лекцыю на тэму «Дзеці і інфармацыя» на семінары прачытала Надзея Шарко. На пачатку гэтага года Надзея наведала выстаўку «Два шляхі», якую фонд «Адкрытыя сэрцы» ладзіў у Чырвоным касцёле. Яе вельмі ўразіла сама экспазіцыя і ўзровень падачы матэрыяла. Таму праз некаторы час жанчына звязалася з пралайферамі і прапанавала распрацаваць тэму, якая «цікавіла яе як маці».

«Потым я пачала шукаць інфармацыю на тэму, якая мяне цікавіць. Гэта інфармацыя пра сучасныя цацкі, кнігі, часопісы для дзяцей. З гэтым дакладам я першы раз выступіла ў Магілёве, і вось зараз другі раз у Мінску. Я разумею, што сёння нельга дзіця пакінуць у бібліятэцы, бо там не заўсёды яно можа знайсці добрыя кнігі, напрыклад… Я адчула, што мне трэба сваім дзецям ствараць здаровае асяроддзе», – заўважыла Надзея Шарко.

Арганізатары фонда «Адкрытыя сэрцы» заўважаюць, што любы жадаючы можа дапамагчы фонду матэрыяльна, стаць валанцёрам, падтрымаць малітвай, або, як Надзея, далучыцца да лектарскай дзейнасці.

Напрыканцы семінара была праведзена невялікая выніковая рэфлексія, дзе ўдзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі, а таксама ідэямі ў сферы далейшай дзейнасці пра-лайф руху.

«Нягледзячы на тое, што людзей на семінары было мала, бо мы чакалі, што будзе больш, у мяне засталіся вельмі добрыя ўражанні. Я асабіста бачу, што будзе добры патэнцыял ад гэтых людзей, якія прыйшлі на семінар. Яны могуць потым дапамагаць у сферы абароны жыцця і сям’і», – падзяліўся псіхолаг Іван Пузанаў.

«Вельмі добрая дыскусія і рэфлексія ў самым канцы семінара паказвае, што гэтыя людзі на самой справе зацікаўленыя ў гэтай справе. І яшчэ лічу вельмі добрым паказчыкам, што людзі, якія прыйшлі першы дзень, дасядзелі тут да самага канца. Таму, мне здаецца, што ўсё атрымаецца», – сказаў пралайфер.

Іван адзначыў, што гэты семінар – толькі старт дзейнасці фонда ў Мінску. Арганізатары «Адкрытых сэрцаў» плануюць працягваць працу ў сталіцы і заахвочваюць далучацца да гэтай справы ўсіх, неабыякавых да абароны жыцця і традыцыйных сямейных каштоўнасцей.

Марына Валасар,
Фота аўтара

  • Комментарии не найдены
Добавить комментарий